«Пачаў тануць i закрычаў: «Божа, ратуй мяне»
Сёння мы разважаем над вопытам Пятра, які адлюстроўвае сітуацыі, што і мы нярэдка перажывалі. Бо хто не бачыў, як яго планы ідуць на дно, і не адчуваў спакусы расчаравання ці роспачы? У такіх абставінах мы павінны ажывіць нашу веру і разам з псальмістам сказаць: «Пакажы нам, Пане, сваю ласкавасць і дай нам сваё збаўленне!» (Пс 85,8).
Для ментальнасці старажытных мора было месцам, населеным сіламі зла, было царствам смерці, што пагражала чалавеку. «Ідучы па вадзе» (пар. Мц 14,25), Езус паказвае нам, што Сваёй смерцю і Сваім уваскрасеннем Ён атрымлівае перамогу над сіламі зла і смерці, якія пагражаюць нам і жадаюць нас знішчыць. Ці ж наша існаванне не падобнае да гэтай хісткай лодкі, кіданай хвалямі, якая плыве па моры жыцця з надзеяй даплыць да мэты, якая мае сэнс?
Пётр быў перакананы, што надзелены верай непахіснай і сіламі нязломнымі, але «пачаў тануць» (Мц 14,30); Пётр запэўніваў Езуса, што гатовы ісці за Ім аж да смерці, але з-за сваёй слабасці спалохаўся і адрокся ад Настаўніка падчас Яго Мукі. Чаму Пётр пачынае тануць, ледзь ступіўшы на ваду? Бо замест таго, каб глядзець на Езуса Хрыста, ён паглядзеў на мора, праз што страціў сілы, і з таго моманту аслабела яго давер’е да Пана, і ногі адмовіліся яму падпарадкоўвацца. Але Езус «працягнуў руку і схапіў яго» (Мц 14,31) і выратаваў яго.
Па Сваім уваскрасенні Пан не дапушчае, каб Яго Апостал знямогся ў пакутах сумлення і ў роспачы, і шляхетна даруючы, вяртае яму давер’е. На каго я гляджу, вядучы барацьбу жыцця? А калі я адчуваю, што цяжар маіх грахоў і памылак пагружае мяне і тапіць, ці дазваляю я, каб добры Езус працягнуў да мяне Сваю руку і ўратаваў мяне.йнічаць далей.