Сёння Евангелле прапануе нам разважыць над некалькімі парадамі Езуса, якія Ён скіраваў да Сваіх вучняў – тагачасных і пазнейшых. Нават у першапачатковай хрысціянскай супольнасці мелі месца правіны і паводзіны, супярэчныя волі Бога.

Канцавы верш дае нам рамку для вырашэння праблемаў, якія ўзнікаюць у Касцёле на працягу гісторыі: «дзе двое ці трое сабраныя ў імя Маё, там Я сярод іх» (Мц 18,20). Езус прысутнічае ва ўсе перыяды жыцця Свайго Касцёла, Яго “містычнае Цела” ажыўляецца бесперапынным дзеяннем Духа Святога. Мы заўсёды ёсць братамі, незалежна ад таго, ці вялікая супольнасць, ці малая.

«Калі брат твой саграшыць, ідзі і папраў яго сам-насам. Калі ён цябе паслухае, ты набудзеш брата свайго» (Мц 18,15). Які прыгожы і верны саюз братэрства, якога навучае нас Езус! Перад абліччам правіны супраць мяне ці іншых, я павінен прасіць Пана аб ласку прабачэння, каб зразумець, і ў рэшце рэшт – паспрабаваць паправіць майго брата.

Сёння гэта не такое простае, як тады, калі Касцёл быў малалікім. Але калі мы думаем пра ўсё ў дыялогу з Богам, нашым Айцом, Ён асвеціць нас, каб мы знайшлі час, месца і адпаведныя словы, каб выканаць наш абавязак дапамогі. Важна, каб мы ачысцілі нашыя сэрцы. Святы Павел заклікае нас выпраўляць іншых з добрай інтэнцыяй: «калі б каму здарылася нейкае ўпаданне, вы, якія застаецеся пад уздзеяннем Духа, у духу лагоднасці вярніце такога на правільны шлях. Пільнуй жа, каб і ты не паддаўся спакусе» (Гал 6,1).

Глыбокая любоў і пакорлівасць дапамогуць нам знайсці лагоднасць. «Дзейнічайце з рукой маці, з бясконцай пяшчотай нашых маці, калі яны гаілі нам вялікія і малыя раны нашых дзіцячых гульняў і спатыкненняў» (Св. Хасэмарыя). Так выпраўляе нас Маці Езуса і наша Маці – з натхненнем, каб яшчэ мацней любіць Бога і бліжняга.