У псальме сённяшняй нядзельнай літургіі чалавек просіць Бога: “Дай спазнаць твае дарогі, Пане” (Пс 25, 4). Сапраўды, імкненне пазнаць Бога павінна характарызаваць кожнага добрага верніка. У гэтым і заключаецца выкананне Божай волі. Напрыклад, праз вусны прарока Осіі наш Нябесны Айцец дае нам зразумець, што жадае богапазнання больш, чым ахвяраў усеспалення (пар. Ос 6, 6).
Чалавек з евангельскай прыпавесці, расказанай нам Езусам, хацеў, каб абодва яго сыны пайшлі пашыраць гарызонты свайго жыццёвага досведу дзякуючы працы ў вінаградніку. Праўдападобна, ён жадаў, каб сыны былі не проста памочнікамі, а пазнавалі багацце, уласнікамі якога яны павінны былі стаць. Ідзі і працуй сёння ў вінаградніку… Іншымі словамі, ідзі і яшчэ раз спазнай на практыцы, якая багатая спадчына ў цябе ёсць.
Аказалася, што браты былі яўна не зацікаўленыя ў такой прапанове. І тым не менш адзін з іх “пасля, апамятаўшыся, пайшоў” (пар Мц 21. 29). Указанне на апамятанне (прычым, двойчы ва ўсім урыўку) вельмі важнае. У грэцкім тэксце ўжываецца слова μεταμεληθεὶς (метамелеціс), якое даслоўна азначае глыбокі жаль, пераасэнсаванне таго, што здарылася. Такі падыход дае ўбачыць і спазнаць тое, што пыха і эгаізм раней хавалі ад вачэй і ад розуму. Гэта стартавая кропка навяртання, якое стварае магчымасць адэкватнага бачання і адэкватнага пазнання, а ўрэшце робіць магчымым неверагоднае: “Мытнікі і распусніцы наперадзе вас ідуць у Валадарства Божае” (Мц 21, 31).