Кожны раз, прыходзячы на святую Імшу, мы прыходзім на гасціну, якую падрыхтаваў Бог. Але было б неправамерна і зусім не па-каталіцку глядзець на Эўхарыстыю толькі ў гэтым адным аспекце. На святой Імшы перадусім адбываецца ўспамін смерці і ўваскрасення Хрыста. Успамін у тым сэнсе, што адбываецца актуалізацыя адзінай ахвяры Хрыста Збаўцы, у якую ўключаецца ахвяра Касцёла (пар. ККК 1330). Цэлебруючы Эўхарыстыю, як кажа Катэхізіс, пілігрымуючы Божы Народ ідзе ўперад праз вузкія брамы Крыжа да нябеснай гасціны ў Валадарстве Нябесным (пар. ККК 1344).
Гасціна будзе ў небе і яе перспектыву нам сёння адкрывае Божае Слова. Добры Бог хацеў бы ўсіх на ёй бачыць. Але далёка не ўсе людзі даюць пазітыўны адказ. Мы даведваемся, што запрошаныя “пагардзілі і адышлі: хто на сваё поле, а хто на свой гандаль” (Мц 22, 5). Няхай бы гэта Слова закранула сумленне тых католікаў, якія сёння мелі магчымасць удзельнічаць ў Эўхарыстыі і такім чынам зрабіць крок да Валадарства Нябеснага, але тым не менш вырашылі, што абыйдуцца без гэтага. Фатальная памылка! Сённяшняе Слова скіравана таксама да тых католікаў, якія прыходзяць у касцёл, але забываюць пра неабходнасць пастаяннага навяртання і таму не маюць неабходнай “вясельнай вопраткі”.
Гэта праўда, што ўсё жыццё мы спрабуем залатвіць тысячы розных спраў. І многія з іх вельмі важныя. Але не трэба забываць, што ёсць справы найважнейшыя. Божае Слова паказвае прадмет нашага першачарговага клопату і заклікае правільна расстаўляць прыярытэты. Каб не забыць, куды і да чаго мы запрошаныя Богам, няхай у памяці застануцца словы св. Ігнацыя Лайолы: “Чалавек створаны дзеля таго, каб Пана Бога свайго шанаваць і служыць Яму, і такім чынам збавіць сваю душу. Усё іншае, што ёсць на зямлі, створана для чалавека, для таго, каб дапамагчы яму дасягнуць мэты, дзеля якой ён быў створаны. Адсюль вынікае, што чалавек настолькі павінен карыстацца ўсім створаным, наколькі яно дапамагае яму ў дасягненні яго мэты, і настолькі павінен адмаўляцца ад яго, наколькі яно яму ў гэтым перашкаджае” (Духоўныя практыкаванні, п. 23).