Святы Андрэй Баболя нарадзіўся 30-га лістапада 1591 года ў адносна невялікай, але не маленькай, як некаторыя кажуць, вёсцы Страхоціна (пол. Strachocina) недалёка ад Санока ў Падкарпацкім ваяводстве. Ніхто з яго сям’і, якая паходзіла з дробнай шляхты герба Леліва, не звярнуўся ў пратэстантызм. Часта іх называлі самымі адважнымі абаронцамі Касцёла, бо ў іх сям’і ніколі не было ератыкоў.

Пра яго дзяцінства інфармацыі не засталося, вядома толькі, што ён вучыўся ў езуіцкай школе з 1606 па 1611 год. Там ён вывучаў грэцкую і лацінскую мовы, а таксама прайшоў курсы паэзіі і рыторыкі. Нягледзячы на тое, што яго паходжанне магло гарантаваць яму выдатную кар’еру і поспех у свеце, 31-га ліпеня 1611 года, Андрэй Баболя, па Божым закліку, абраў шлях манаскага жыцця і стаў паслушнікам Таварыства Езуса (езуітаў) у Вільні. Праз 2 гады пачаў вывучаць філасофію ў Віленскай Акадэміі, а ўжо ў 1616 годзе скончыў яе з добрым вынікам. Будучы клерыкам, па звычаю таго часу, займаўся педагагічнай працай спачатку ў Брунсбергу (Бранева), а затым у Пултуску.
Праз 2 гады ён вярнуўся ў Віленскую Акадэмію для далейшага навучання багаслоўю. 18 снежня 1621 года біскуп Абрагам Война надаў клерыку Андрэю Баболі вышэйшы сан субдыяканату, а неўзабаве пасля гэтага – дыяканату. Праз некалькі месяцаў, 12 сакавіка 1622 года, ён атрымаў жаданае святарскае пасвячэнне ад біскупа Яўстафія Валовіча. Дарэчы, у гэты ж дзень былі кананізаваны заснавальнікі ордэна Езуітаў, святы Ігнацій Лаёла і Францыск Ксаверый. У тым жа годзе Андрэй Баболя здаў свае апошнія тэалагічныя і філасофскія экзамены. Аднак яны скончыліся для яго няўдачай, бо ён праваліў найважнейшы тэалагічны экзамен. Гэта перакрэсліла яго шанцы стаць выкладчыкам, заняцца навуковай дзейнасцю, пісьменніцкай працай або іншым “прэстыжным” на той момант, пастырствам.
Праз год ён быў накіраваны на апошні этап рэлігійнай адукацыі перад пачаткам пастырскай працы (трэцюю прабацыю). У Нясвіжы, пасля прабацыі, ён таксама правёў першы год сваёй апостальскай працы (1623-1624). Ён быў прапаведнікам, духоўнікам, народным місіянерам і прэфектам Бурсы для беднай моладзі. Будучы місіянерам, Андрэй абыходзіў закінутыя вёскі, хрысціў, злучаў таямніцай сужэнскія пары (манаская статыстыка паведамляе, што сакраментальным саюзам ён злучыў 49 пар, якія жылі да гэтага без шлюбу), многіх грэшнікаў схіляў да споведзі, таксама звяртаў праваслаўных.
Досыць хутка яму прыйшлося праславіцца як прапаведніку Слова Божага і правінцыял паслаў Баболю ў Вільню, працаваць у касцёле Святога Казіміра. Там у 1624-1630 гадах Андрэй Баболя ўзначальваў Марыянскую Садальнасць (лат. Congregationes seu sodalitates B. Mariæ Virginis) і праводзіў канферэнцыі па Святым Пісанні і дагматыцы. Калі ў чэрвені 1625 года на Вільню абрынулася эпідэмія, не зважаючы на небяспеку заражэння, ён разам з іншымі братамі аказваў дапамогу хворым людзям. Падчас чумы загінулі шэсць езуітаў.
У 1627 годзе паўстала пытанне аб публічных і ўрачыстых абяцаннях, якія ў канчатковым выніку ўключылі б Андрэя Баболю ў ордэн. Інфармацыя, сабраная кіраўніцтвам да прыняцця рашэння аб допуску да абяцанняў, падкрэслівала востры розум кандыдата, добрую адукацыю, цвярозасць меркаванняў, прапаведніцкія здольнасці, а таксама вялікі ўплыў, які ён аказваў на людзей. Аднак яго вінавацілі ў настойлівасці і нястрыманасці. У рэшце рэшт ён быў дапушчаны да здзяйснення чатырох абяцанняў, якія ён даў 2 чэрвеня 1630 г. у касцёле Святога Казіміра ў Вільні.
Пазней ён адчуў на сабе адну з якасцей езуіцкай харызмы: частае перамяшчэнне з месца на месца. Спачатку ён трапіў у нядаўна заснаваны кляштар у Бабруйску (1630-1633) – невялікае мястэчка, населенае перш за ўсё праваслаўнымі.
Затым Андрэй знаходзіўся ў Плоцку, у якасці адміністратара Марыянскай Садальнасці сярод моладзі тамтэйшага каледжа (1633-1635). З сярэдзіны 1636 г. быў прапаведнікам у Варшаве (1636-1637). Праз год ён зноў вярнуўся ў Плоцк (1637-1638).
У 1638-1642 гадах Андрэй Баболя займаў у Ломжы пасаду прапаведніка і дырэктара калегіяльнай школы. З 1642 па 1643 год ён зноў служыў адміністратарам Марыянскай Садаліцыі і прапаведнікам у Вільні. Падобныя абавязкі выконваў у Пінску (1643-1646). У той час многія праваслаўныя прыходзілі да езуітаў, каб паслухаць катэхезы. Гэта прывяло да шматлікіх пераходаў праваслаўных у каталіцтва.
Затым ён зноў быў у Вільні (1646—1652). На гэты раз з прычыны пагаршэньня ягонага здароўя, у Вільні клімат быў лепшы за балоцистае Палессе. У касцёле Святога Казіміра ён вярнуўся да сваіх ранейшых абавязкаў і адслужыў там шэсць гадоў.
З 1652 г. займаў у Пінску пасаду прапаведніка ў касцёле Святога Станіслава. Тым часам ён прысвяціў сябе місіянерскай працы з народам у наваколлях Пінска.
Задача, пастаўленая перад ім кіраўніцтвам, была няпростай. Выкананне місіі ўскладнялася як знешнімі абставінамі, так і духоўнай атмасферай. Адсутнасць дарог, цяжкі доступ да людзей, ізаляваных ад свету і якія жывуць сярод балот, рабілі рэлігійна-маральны стан палешукоў жаласным. Яны верылі ва ўсякія забабоны. Па нядзелях яны, нават калі ездзілі ў вялікія гарады, то ў касцёлы прыходзілі толькі на благаслаўленне на заканчэнні св. Імшы, а астатні час знаходзіліся ў карчме.
Андрэй хадзіў па вёсках ад дома да дома і прапаведаваў. Пад уплывам яго пропаведзяў многія праваслаўныя звярнуліся ў каталіцызм. За сваю стараннасць ён атрымаў мянушку “душахоп”, гэта значыць “паляўнічы за душамі”.
Спачатку ў вёсках Піншчыны прымалі місіянераў-езуітаў вельмі неахвотна. Пазней, аднак, сяляне збіраліся ў вялікай колькасці на пропаведзі. Пастырская праца не раз была для Баболі нагодай для палемікі з праваслаўнымі святарамі. Кожны дыспут быў для яго пераможным. Сярод яго найвялікшых дасягненняў – зварот у каталіцызм дзвюх вёсак: Баландычы і Удрожын.
Не захавалася амаль ніякіх запісаў Андрэя Баболі, акрамя запісак у манаскіх кнігах і аднаго не вельмі істотнага ліста. Аднак мы ведаем пра яго даволі шмат дзякуючы актам Таварыства Езуса, у якіх да гэтага часу захоўваюцца яго характарыстыкі, напісаныя кіраўніцтвам. З іх вынікае, што Баболя шмат гадоў змагаўся са сваім цяжкім халерычным характарам. Ён бываў выбухным, нецярплівым і ўпартым. У нейкі момант нават адзін з кіраўнікоў адзначыў, што Баболя не павінен выконваць функцыі кіраўніка, пакуль не ўхіліць гэтыя недахопы. Аднак усе, хто складаў гэтыя апісанні, адзначалі, што Андрэй бязлітасна змагаецца са сваімі абмежаваннямі і мае поспех у гэтай галіне. У канцы жыцця аб ім пісалі ў самых выдатных катэгорыях – што ён прыцягвае людзей добрым норавам і асабліва мае поспех у працы з моладдзю, што ён можа мець зносіны з людзьмі розных саслоўяў: сялянамі, гараджанамі, шляхтах і іншымі. І што ў яго ёсць прапаведніцкі талент.
Мы нават ведаем, як ён выглядаў. Падчас працэсу беатыфікацыі яго апісаў адзін з братоў, які ў юнацтве добра ведаў шасцідзесяцігадовага Андрэя Баболю. На аснове гэтых успамінаў і знешняга выгляду астанкаў, якія праз некалькі дзесяцігоддзяў пасля смерці выглядалі так, як быццам смерць наступіла напярэдадні, былі створаны першыя выявы мучаніка. На іх аснове ствараліся і новыя карціны. Святы Андрэй быў мужчынам сярэдняга ці нават невысокага росту, кампактным і мускулістым. Твар у яго быў круглы, а шчокі былі “заліты чырванню”. У яго былі светлыя валасы, праз якія з гадамі пачала прасвечвацца лысіна. Да канца жыцця ён насіў даволі доўгую, нізка стрыжаную бараду.
У 1657 г. Пінск належаў Польшчы, і езуіты змаглі вярнуцца туды для нармальнай працы. Але ў тым жа годзе, у маі 1657 года, Пінск заняў казацкі атрад пад камандаваннем Яна Ліча. Самыя небяспечныя езуіты: Мафон і Баболя, пакінулі горад. Ім даводзілася хавацца па навакольных вёсках. 15 мая Мафон быў схоплены ў Гарадцы атрадам Зелянецкага і Папенкі і на месцы панёс пакутніцкую смерць.
Андрэй Бобола схаваўся ў Янаве, аддаленым ад Пінска прыкладна на 30 кіламетраў. Адтуль ён адправіўся ў вёску Перадзіл. 16 мая ў Янава ўварваўся казацкі атрад і пачаў забіваць палякаў і яўрэяў. Казакі распытвалі, дзе знаходзіцца “душахоп” Баболя. Андрэй Бобола па просьбе жыхароў вёскі, якія даведаліся, што ён знаходзіцца ў вышуку, спрабаваў уцячы на сялянскай павозцы, але нічога не выйшла. Недалёка ад вёскі яго дагналі казакі.

З Андрэя сарвалі сьвятарскую вопратку, напалову аголенага прывялі да плота, прывязалі і пачалі біць. Казакі ўгаворвалі яго адмовіцца ад Касцёла, а калі ён адмаўляўся, працягвалі яго мучыць. Кангрэгацыя па святых абрадах, якая пазнаёмілася з гісторыяй Андрэя ў рамках падрыхтоўкі да працэсу беатыфікацыі, запісала ў 1739 годзе, што ніколі яшчэ не разглядала такую жорсткую пакутніцкую смерць.
Затым яму выбілі зубы, вырвалі пазногці і сарвалі скуру з верхняй часткі рукі. Потым казакі пацягнулі яго да Янава Палескага. Там казачы палкаводзец спытаў: “Вы святар?”. “Так, – раздаўся адказ. – Мая вера вядзе да выратавання. Пакайцеся”. На гэтыя словы Камандзір замахнуўся шабляй і забіў бы Андрэя, калі б той не прыкрыў сябе рукой.
Затым яго зацягнулі ў тамтэйшую бойню, паклалі на стол і пачалі абпальваць агнём. На галаве яму выразалі скуру ў месцы пострыгу, на спіне выразалі скуру ў выглядзе арнаменту. Раны пасыпалі расолам. Адрэзалі нос, вусны, вылупілі адно вока. Ад болю ён увесь час заклікаў імя Езуса і ў адказ на гэта яму адрэзалі язык. Пасля яго павесілі нагамі ўгору. Ударам шаблі па галаве камандзір скончыў бесчалавечныя пакуты Андрэя Баболі 16 траўня 1657 года. Гэта было каля 15-й гадзіны.
Даведаўшыся аб надыходзячых польскіх войсках, казакі адступілі з горада. Езуіты перанеслі парэшткі ў Пінск і пахавалі ў падвале свайго касцёла. Яго цела было так жудасна знявечанае, што яго вырашылі не паказваць вучням каледжа. Неўзабаве памяць аб пакутніку знікла. Аднак сам ён не дазволіў гэтаму працягвацца занадта доўга.
16 красавіка 1702 года Андрэй Баболя з’явіўся езуіту, рэктару Пінскай калегіі кс. Марціну Гадэбскаму. Ён сказаў яму, што горад і каледж, якім пагражаюць войскі, якія змагаюцца адзін з адным, будуць акружаны яго апекай, пры ўмове, што труна з яго целам будзе знойдзена і выстаўлена на агляд. Ён таксама ўказаў, дзе знаходзіцца яго магіла. Цела было знойдзена выдатна захаваным, без прыкмет раскладання, нягледзячы на тое, што яно было пахавана ў вільготнай зямлі.
Горад і манаская маёмасць былі незвычайна абаронены, і неўзабаве да магілы пакутніка пачалі прыбываць натоўпы. Былі адзначаны сотні ацаленняў і іншых ласкі. Жыхары Піншчыны маліліся за заступніцтва Андрэя Баболі, асабліва падчас чумы 1709-1710 гадоў. Тады эпідэмія абышла горад, што зрабіла Баболю асаблівым абаронцам падчас чумы. З 1712 года былі зроблены намаганні па беатыфікацыі. У 1755 годзе Папа Бэнэдыкт XIV залічыў езуіта да пакутнікаў Касцёла.
На жаль, распад Таварыства Езуса і вайна, а затым раздзел Рэчы Паспалітай, перапынілі гэтыя намаганні. Езуіцкій касцёл ў Пінску патрапіў ў рукі праваслаўных. Такім чынам, труна з целам Андрэя Баболі была вывезеная з Пінска ў Полацк, бо існавала рызыка таго, што праваслаўныя дзе-небудзь яе закапаюць.
У 1819 годзе адбылося яшчэ адно ўмяшанне з нябёсаў – Андрэй Баболя з’явіўся айцу-дамініканцу Алаізе Каржанеўскаму ў Вільні і абвясціў яму, што Польшча верне сабе свабоду пасля Вялікай вайны, і ён будзе абвешчаны яе апекуном. Андрэя Баболю беатыфікаваў, нягледзячы на супраціўленне царскай дыпламатыі, Папа Пій IX, 30 кастрычніка 1853 года ў Рыме.

Калі ў 1920 годзе да Варшавы набліжаліся бальшавіцкія войскі, лічылася, што Андрэй Баболя зможа дапамагчы абараніць радзіму ад новай небяспекі. Сотні тысяч жыхароў Кракава маліліся да яго аб заступніцтве і выратаванні. Пасля гэтага яго заступніцтву прыпісвалі выратаванне Польшчы.
Тагачасны нунцый Ахіл Раці, пазней папа Пій XI, праз гады ўспамінаў, што Юзаф Пілсудскі нават падумваў аб узброеным рэйдзе на захоплены бальшавікамі Полацк, каб вярнуць труну з целам Баболі.
У 1922 годзе бальшавікі, жадаючы даказаць “каталіцкім грамадзянам” памылковасць сваёй веры, здзейснілі апаганенне мошчаў. Яны выкінулі цела з труны на падлогу касцёла, упэўненыя, што яно разваліцца ў пыл. Аднак нічога падобнага не адбылося. Таму яны вывезлі труну з целам Баболі ў Маскву і змясцілі ў Народным камісарыяце аховы здароўя, як экспанат, які адлюстроўвае рэлігійны фанатызм. Аднак супрацоўнікі музея заўважылі, што наведвальнікі моляцца каля рэліквій, таму схавалі іх.
Згоду на вываз труны з астанкамі Андрэя Баболі ўдалося атрымаць у 1923 годзе, двум амерыканскім езуітам, якія былі адпраўленыя папам Піем XI у Маскву з місіяй па выратаванні галадаючага насельніцтва Расіі. Бальшавікі пагадзіліся аддаць рэліквіі, паколькі ў той час яны дамагаліся міжнароднага прызнання сваёй улады і хацелі, каб Апостальская Сталіца не была варожая гэтым намаганням. Камуністы паставілі ўмову, што мошчы не трапяць у Польшчу. Яны прыбылі ў Польшчу толькі пасля кананізацыі Андрэя Баболі ў 1938 г.
Папа Пій XI кананізаваў Андрэя Баболю на Вялікдзень, 17 красавіка 1938 года. На гэтае мерапрыемства ў Рым прыбылі дзясяткі тысяч палякаў. Многія з іх прыехалі з Польшчы на спецыяльных цягніках. У чэрвені 1938 года мошчы святога Андрэя былі ўрачыста дастаўлены на радзіму. Рэліквіі былі дастаўлены спецыяльным цягніком праз Любляну і Будапешт, а затым праз многія польскія гарады, уключаючы Кракаў, Катавіцэ, Познань, Лодзь і да Варшавы. Гэта было вялікай падзеяй. У кожным горадзе на маршруце ладзіліся ўрачыстасці ў гонар святога мучаніка. У Варшаве падчас цырымоніі на Замкавай плошчы прэзідэнт Ігнацый Масціцкі ўсклаў на труну Андрэя Баболі ў якасці вотуму свой крыж незалежнасці. У канцы шматдзённых урачыстасцяў у Варшаве мошчы ў Сярэбрана-крыштальнай труне-рэлікварыі былі пахаваныя ў капліцы езуітаў на вул. Ракавецкай.

У верасні 1939 года яны былі перавезены ў касцёл езуітаў, у Старым горадзе Варшавы. Падчас Варшаўскага паўстання труна была перанесена ў Дамініканскі касцёл Святога Яцэка. У лютым 1945 года ён вярнуўся ў капліцу езуітаў на вуліцы Ракавецкай. Там да гэтага часу астанкі шануюцца ў пабудаваным у 1989 годзе касцёле Святога Андрэя Баболі.
Пасля вайны памяць аб Баболі была амаль страчана. Гэта адбылося з-за наўмысных дзеянняў камуністаў, якія добра памяталі настроі 1920 года, а таксама яго кананізацыю ў 1938 годзе. Была абсалютная забарона на друкаванне яго выяваў, або згадванне яго ў сродках масавай інфармацыі – нават у негатыўным кантэксце.
Калі ў 1957 годзе Папа Пій XII абвясціў прысвечаную Баболі энцыкліку, якая пачынаецца са слоў “Invicti Athletae Christi, Andreae Bobolae, martyrium vitaeque sanctitatem…”.

Пазней зноў пачалі з’яўляцца кнігі і артыкулы пра святога Андрэя Баболю і яго культ ажыў. Гэтаму спрыяла яшчэ адна надзвычайная падзея, пачынаючы з 1982 года пакутнік за веру на працягу чатырох гадоў аб’яўляўся ксяндзу Іосіфу Ніжніку ў Страхоціне. Калі святар нарэшце адважыўся спытаць “прывід” чаго ён хоча, то пачуў: “Я святы Андрэй Баболя. Пачні пакланяцца мне ў страху”. Дзякуючы намаганням ксяндза Іосіфа Ніжніка тут быў створаны цэнтр культу Палескага мучаніка.
У красавіку 2002 года Ватыканская Кангрэгацыя набажэнства і дысцыпліны сакрамэнтаў, задаволіўшыся просьбамі польскага кардынала Юзафа Глемпа, абвясціла Святога Андрэя Баболі апекуном Польшчы. Св. Андрэй Баболя таксама з’яўляецца заступнікам Пінскай дыяцэзіі ў Беларусі.

Успамін святого Андрэя Баболі – 16 траўня (мая).
Спіс выкарыстаных крыніц:
- Pius XII. Invicti athletae Christi, “Encyklika O św. Andrzeju Boboli”.
- Электронная крыніца: www.strachocina.przemyska.pl/index.php?id=5&subpage=5
- Militia Immaculatae. Święty Andrzej Bobola “Wielki czciciel Matki Bożej i patron Narodu Polskiego”.
- Paweł Warchoł OFMConv. Przesłanie dla Polski św. Andrzeja Boboli.